У Шчучынскім раёне праходзіць вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу.
У Шчучынскім раёне праходзіць кампанія вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу. Аднымі з першых у раёне імунізацыю прайшлі работнікі райвыканкама. Прышчэпку зрабілі кіраўніцтва раёна, работнікі розных упраўленняў, службаў і аддзелаў.
– Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь 3 кастрычніка быў аб’яўлены старт кампаніі па вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу, – расказвае ўрач-эпідэміёлаг Шчучынскай ЦРБ Святлана Волчак. – Кампанія пачалася і на Шчучыншчыне, мы атрымалі вакцыну і пачалі актыўна прышчапляць людзей з мінулай пятніцы. Вакцынацыя праходзіць на базе ўсіх арганізацый аховы здароўя Шчучынскай ЦРБ. Таксама прышчапляем насельніцтва выязнымі брыгадамі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Для вакцынацыі на бясплатнай аснове выкарыстоўваецца вакцына расійскай вытворчасці “Грыпол плюс” супраць трох тыпаў вірусу. На платнай аснове можна зрабіць французскую прышчэпку вакцынай “Ваксігрып Тэтра”, яна дзейнічае супраць чатырох тыпаў грыпу.
Варта адзначыць, што рабіць прышчэпку можна толькі здаровым людзям. Калі вы нядаўна хварэлі, то для паспяховай вакцынацыі павінна прайсці не менш за два тыдні пасля выздараўлення. Перад кожнай прышчэпкай неабходна прайсці агляд урача агульнай практыкі, які дасць допуск на вакцынацыю.
Усіх, хто турбуецца пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх, запрашаем на прышчэпку для таго, каб не хварэць і быць здаровымі ўвесь сезон.